САНІТА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль для перавозкі і эвакуацыі хворых, пацярпелых пры аварыях і катастрофах, для лячэбна-прафілактычнага і лячэбна-эвакуацыйнага абслугоўвання насельніцтва і войск у мірны і ваенны час.
Асн. патрабаванні: зручнасць пагрузкі і выгрузкі хворых і пацярпелых, магчымасць іх транспарціроўкі ў становішчы лежачы і седзячы, мінім. трасенне і гайданне кузава, высокая плаўнасць ходу, адсутнасць вібрацыі, манеўранасць. высокая праходнасць. Есць таксама С.а., абсталяваныя перавязачным сталом, кіслародна-дыхальнай і наркознай апаратурай, прыладамі для пералівання крыві, электракардыёграфамі і інш. Для эвакуацыі вял. колькасці хворых і параненых прыстасоўваюць пасаж. аўтобусы. Як санітарны транспарт выкарыстоўваюць таксама спец. паязды, самалёты, верталёты, рачныя і марскія судны, аэрасані.
т. 14, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)